«ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА»,

творчае аб’яднанне. Створана ў 1992 як установа культуры Гродзенскага гарвыканкома. Арганізатар і маст. кіраўнік А.Бандарэнка, з 1996 — А.Саладухін. У складзе капэлы камерныя хор (дырыжор Л.Іконнікава) і аркестр (дырыжор У.Борматаў), інстр. ансамбль салістаў, салісты-вакалісты. У праграмах капэлы муз. творы розных стыляў, эпох і жанраў, ад камерных (рамансы, інстр. п’есы) да сімфанічных і вак.-сімфанічных (сімфоніі, кантаты, араторыі), старадаўніх і сучасных бел. кампазітараў, рус. і зах.-еўрап. класікаў 17—20 ст., духоўная музыка, бел. нар. песні і інш. Мае на мэце адраджэнне і развіццё традыцый бел. муз. мінуўшчыны, прапаганду лепшых узораў бел. і сусв. муз. мастацтва, культ.-асв. і выдавецкую дзейнасць.

т. 5, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)